ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДНАГА ФРО́НТУ (са снеж. 1999 Партыя БНФ),
нац.-дэмакр. партыя правацэнтрысцкага кірунку. Створана ў маі 1993 на грунце Беларускага народнага фронту «Адраджэньне». Кіруючы орган паміж з’ездамі — сойм. Асн. мэта — ажыццяўленне праграмы Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне» шляхам удзелу ў фарміраванні органаў дзярж. улады Рэспублікі Беларусь. Выступае за парламенцкую рэспубліку і прафес. парламент (сойм) як аснову прадстаўнічай дэмакратыі. Прыярытэты сац.-эканам. палітыкі партыі, паводле праграмных дакументаў: кожны чалавек павінен валодаць уласнасцю і распараджацца ёю, рынак, фермерская сельская гаспадарка, перавод у прыватны сектар большасці асн. фондаў вытв-сці. Выступае за незалежную бел. дзяржаву, адраджэнне бел. нац. культуры, мовы, традыцый, прапагандуе нац. ідэю. Знешняя стратэгія ўключае раўнапраўныя партнёрскія адносіны з усімі краінамі, найперш з суседнімі, арыентацыю на падтрымку краін Захаду. На сак. 2001 партыя аб’ядноўвала каля 1800 чал., мела структуры ў абласцях і г. Мінск, сельскіх раёнах і гарадах Беларусі.
т. 12, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)